«Імя ў гісторыі»: Якуб Наркевіч-Ёдка – 170 г. з дня нараджэння

Якуб Наркевіч-Ёдка
(8 студзеня 1848, мястэчка Турын, Пухавіцкі раён — 19 снежня 1905)
беларускі фізік, медык, біёлаг.
Доктар медыцыны (1893), прафесар (1900),
член-карэспандэнт Рускага геаграфічнага таварыства (1889).
Належаў да старажытнага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў гербу «Ліс».

Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму злектрамагнітных хваляў на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, 1891), але не запатэнтаваў вынаходніцтва. Існуе дакумент, які пацвярджае прыярытет Я. Наркевіча-Ёдкі ў гэтым вынаходніцтве — пратакол паседжання Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы (1898).

Апроч таго, зрабіў значныя адкрыцці ў галіне метэаралогіі (вымярэнне хуткасці руху аблокаў, вільготнасці глебы і інш.), за што ўзнагароджаны сярэбраным медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Адкрыў у сваім маёнтку санаторый, распрацаваў метады лячэння нервовых захворванняў электрычным токам, метад электраграфіі для дыягностыкі захворванняў, выкарыстоўваў лячэнне кумысам, лячэнне святлом, гімнастыку, мясцовыя мінеральныя воды.