Да 100-годдзя з дня нараджэння Соф’і Адамаўны Кунцэвiч – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога дырэктара бібліятэкі БДТУ

100 год з дня нараджэння Соф’і Адамаўны Кунцэвiч, якая з 1963 па 1987 г. працавала дырэктарам бібліятэкі БДТУ (у той час — Беларускі тэхналагічны інстытут імя С. М. Кірава), адзначае бібліятэка ўніверсітэта вялікай выставай фота, архіўных дакументаў, стварэннем персанальнай калекцыі ў Электроннай бібліятэцы БДТУ, арганізацыяй сустрэч са студэнтамі з аповедам  аб Соф’е Адамаўне.

Акрамя велізарнай працы, укладзенай у развіццё бібліятэкі, яна вызначылася і сваімі франтавымі заслугамі.

Соф’я Кунцэвіч пайшла на фронт з Вінніцкай вобласці 21 ліпеня 1941 г. добраахвотнікам фельчарам стралковага батальёна. Спачатку выконвала абавязкі санінструктара, затым і камандзіра санітарнага ўзвода стралковага батальёна.  Салдаты яе называлі Кнопачкай. Худзенькая медсястрычка, ростам у паўтара метра і вагой каля 46 кілаграмаў, выцягвала з поля бою параненых, якія маглі быць цяжэйшымі за яе ў два разы. Некалькі разоў яна была цяжка паранена, кантужана, але ўсё роўна вярталася на фронт.

Военно-учетные данные

“У час баёў у жніўні 1942 г. за вышыню Лысая Гара ў раёне сяла Пяцігорскае паказала сябе стойкай, самаадданай, дысцыплінаванай сястрой. За гэты час яна асабіста вынесла з поля бою 68 раненых байцоў і камандзіра разам са зброяй. Знаходзячыся пад агнём праціўніка, яна аказала першую медыцынскую дапамогу 140 параненым. Сваёй работай і самаадданасцю таварыш Кунцэвіч можа служыць цудоўным прыкладам для ўсіх”, — гэта ўрывак с Узнагароднага ліста, калі Соф’ю Адамаўну ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга 30 верасня 1942 года.

Яшчэ за адзін подзвіг была ўзнагароджана 28 сакавіка 1944 г. ордэнам Чырвонай Зоркі. Вось як камандаванне апісала яго ў прадстаўленні да ўзнагароды: “Гвардыі ваенфельчар Кунцэвіч С. А. у час баеў у раёне Нова-Коўна і Канстанцінаўка выключна добра арганізавала вынас раненых з поля бою. Ёю быў арганізаваны абагрэў цяжка раненых грэлкамі. Апроч таго, Кунцэвіч, будучы сама кантужанай, асабіста вынесла з поля бою 40 цяжка параненых разам са зброяй, нягледзячы на выключна складаныя ўмовы бою. Узводам пад камандаваннем Кунцэвіч С. А. вынесена 159 раненых.”

Соф’я Кунцэвіч была ўзнагароджана медалём Чырвонага Крыжа імя Флорэнс Найтынгейл. Гэта найвышэйшая адзнака для медсясцёр. Такія ўзнагароды медсёстры атрымліваюць за самаадданыя ўчынкі ў адносінах да хворых і параненых. Толькі чатыры ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, якія нарадзіліся ў Беларусі,  былі адзначаны такімі медалямі.

Кунцэвіч С. А.

Соф’я Адамаўна Кунцэвіч удзельнічала ў бітвах на франтах Паўночнага Каўказа, Арменіі, Украіны, Польшчы, Малдовы і дайшла да Берліна.

Пра яе пісала Святлана Алексіевіч у кнізе «У вайны не жаночае  аблічча»: «Я ніколі не чакала, калі скончыцца атака, я поўзала падчас бою і падбірала раненых. Калі ў яго асколачнае раненне, а я прыпаўзу да яго праз гадзіну-другую, дык мне там няма чаго рабіць, чалавек застанецца без крыві. Тры разы параненая і тры разы кантужаная. Хадзіла я ў штанах, у пілотцы, заўсёды абдзёртая, таму што заўсёды на каленях паўзеш, ды яшчэ і раненага валачэш. Не верылася, што калі-небудзь можна будзе стаць на ногі і ісці па зямлі, а не паўзці. Гэта мара была.» Разам з войскамі Чырвонай Арміі дайшла да Берліна і на сцяне рэйхстага пакінула надпіс «Я, Соф’я Кунцэвіч, прыйшла сюды, каб забіць вайну».Кунцэвіч С. А.

Соф’я Адамаўна Кунцэвіч была ўзнагароджана медалямі «За абарону Каўказа», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй».

Пасля вайны Соф’я Адамаўна атрымала вышэйшую адукацыю, працавала ў розных бібліятэках Мінску, а у 1963 годзе ўзначаліла нашу бібліятэку. Кніжны фонд тады папаўняўся на 45 тысяч кожны год. Кніг і журналаў стала так многа, што бібліятэка пераехала з першага корпуса ў чацвёрты, дзе знаходзіцца і цяпер.

Кунцэвіч С. А.

У 2012 годзе 9 мая Соф’і Адамаўны не стала, а ў 2016 супрацоўнікі БДТУ на свае сродкі паставілі на магіле помнік.

Рыхтуючы матэрыял да 100-годдзя Кунцэвіч С. А., мы працавалі ў архівах, дасылалі звароты ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які сканіраваў для нас дакументы са свайго фонду. Нам дапамагалі прафкам і выкладчык Чарнушэвіч Р. А. Памяць і ўдзячнасць павінна жыць, гісторыі лёсаў не могуць быць забытымі. Бо хто тады мы самі? Хто ўспомніць пра нас? І не толькі ў Год гістарычнай памяці, а, наўпрост, добрым словам…

 

Читайте также: