31 мая адбылася сустрэча з Ксеніяй Шталенковай

31 мая ў БДТУ адбылася творчая сустрэча з маладой беларускай пісьменніцай Ксеніяй Шталенковай, аўтарам раманаў “Адваротны бок люстра” і “Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах”.


Ксенія — таленавітая пісьменніца, аўтар кніг , дызайнерка і даследчыца візуальнай культуры.


Падчас сустрэчы яна расказала пра выданне сваіх твораў і падрыхтоўку кніг іншых аўтараў, бо Ксенія займаецца не толькі дызайнам уласных кніг, але і распрацоўвае дызайн і афармленне кніг іншых аўтараў.


Так, у 2015 годзе аўтарскі праект трылогіі “Адваротны бок люстра” і прома-прадукцыя да яе ўвайшлі ў пяцёрку найлепшых прац у галіне графічнага дызайна на конкурсе “Дызайн Дэбют” (Брытанская школа дызайна, Масква), праект быў прыняты да друку выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, а дэбютная кніга паэзіі Міхала Бараноўскага “Volumen.1” у афармленні Ксеніі сталася лаўрэатам прэміі “Літаратурны дэбют” імя Максіма Багдановіча” у 2017 годзе.

Цікава было паслухаць, як Ксенія прыйшла ў літаратуру, як атрымала прызнанне і з якімі цяжкасцямі сутыкнулася на сваім творчым шляху.

Пісьменніца пазнаёміла слухачоў са сваімі творамі, галоўнымі чытачамі якіх з’яўляюцца падлеткі.
У аснове рамана «Адваротны бок люстра» —  гісторыя дзяўчынкі Басі з Вільнюса, якая з дапамогай венецыянскага люстэрка трапляе ў XVI стагоддзе, дзе сустракаецца з юным шляхцічам Міхалам Сакалічам і разам з ім апынаецца ў віры інтрыг і змоў пры каралеўскім двары.
Тэмай рамана «Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах» стала падарожжа ў Менск ХІХ стагоддзя.

Адным з цікавых момантаў сустрэчы стала дэманстрацыя буктрэйлера да твора «Адваротны бок люстра». Трэба адзначыць, што стварыла яго сама Ксенія.

Ксенія Шталенкова шчыра распавяла пра свае жыццёвыя прынцыпы і погляды, падзялілася яркімі жыццёвымі момантамі і планамі на будучыню.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты факультэта прынттэхналогій і медыакамунікацый і супрацоўнікі ўніверсітэта. Даверлівы дыялог пісьменніцы з чытачамі доўжыўся больш за дзве гадзіны і прайшоў на адным дыханні.


Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць набыць кнігі Ксеніі Шталенковай, атрымаць аўтограф пісьменніцы і абмяняцца парай слоў з аўтаркай.


Сустрэча атрымалася вельмі цёплай, прыемнай і цікавай.


Пісьменніца шчыра падзякавала бібліятэку БДТУ за арганізацыю сустрэчы, за магчымасць распавесці пра сваю працу, а таксама адказаць на пытанні зацікаўленых чытачоў.

 


Будзем спадзявацца, што гэта была не апошняя сустрэча з пісьменніцай у нашым універсітэце.

 

 

 

Читайте также: