Акцыя «Чытаем разам»

Літаратурны клуб «Ветліца» (Савіцкая Н. Я.), бібліятэка БДТУ і кафедра міжкультурных камунікацый і тэхнічнага перакладу (Крывапуск Т. М.) праводзяць акцыю «Чытаем разам» да 130-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага — «Жыццевымі сцежкамі Максіма Гарэцкага». 13 снежня ў 14:40 запрашаем у чытальную залу №2.

Гарэцкі Максім, нарадзіўся 18.02.1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка (у 1976 г. аб’яднана ў вёску Багацькаўка) Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Скончыў Горацкую каморніцка-агранамічную навучальню (1913). Працаваў каморнікам у Летуве. Улетку 1914 г. прызваны ў армію. У час першай імперыялістычнай вайны быў на фронце ва Ўсходняй Прусіі. Пад Сталупененам паранены. У 1916 г. скончыў Паўлаўскую ваенную навучальню. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі жыў у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета», у газеце «Звязда», з рэдакцыяй якой у пачатку 1919 г. пераехаў у Вільню. Займаўся выдавецкай і навуковай дзейнасцю, працаваў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі. Быў рэдактарам і выдаўцом газет «Наша думка» (1920-1921) і «Беларускія ведамасці» (1921-1922). За сувязь з віленскімі камуністамі трапіў у 1922 г. у Лукішскую турму. У 1923 г. вярнуўся ў БССР. Чытаў лекцыі на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, займаўся літаратурнымі даследаваннямі ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у АН БССР. У 1931-1935 гг. жыў у Кіраве (былая Вятка), куды быў высланы. Працаваў чарцёжнікам, тэхнікам. З верасня 1935 г. жыў у пасёлку Пясочня (цяпер г. Кіраў) Калужскай вобласці, дзе працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, у 1938 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў лагер у Комі АССР. Справа па абвінавачванню М. Гарэцкага адменена і спынена ў 1957 г. Вярхоўным судом БССР. 07.02.1959 г. Калужскім абласным судом поўнасцю рэабілітаваны.

Гарэцкі звяртаўся да праблемы ўзаемаадносін інтэлігента і народа, да ролі і місіі інтэлігенцыі ў нацыянальным развіцці (аповесць «Меланхолія», апавяданні «Фантазія» і інш.). Расцэньваў ролю беларускага літаратара як надзвычай адказную і патрабавальную да грамадзянскай і нацыянальнай свядомасці. Выступаў супраць правінцыйнай замкнёнасці маладой беларускай літаратуры.

Пасля 1917 шмат піша на тэму рэвалюцыі. У 1918-1919 у палемічных допісах рэзка крытыкуе «буржуазных беларускіх дзеячоў», услаўляе бальшавізм; адначасова крытыкуе «новую (камуністычную) буржуазію», кладзе выразны націск на неглыбокую далучанасць «буржуазных дзеячоў» да нацыянальнага руху.

Звяртаўся да жыцця беларускіх перасяленцаў у Сібіры («Сыбірскія абразкі», апавяданні «Хадзяка», «Моцнае каханне», «Хоцімка» і інш.).

Кнігі Гарэцкага выдаваліся на рускай, украінскай, польскай, нямецкай мовах.

Читайте также: