Лекцыя-гутарка і акцыя «Чытаем разам»

Літаратурны клуб «Ветліца» (Савіцкая Н. Я.), бібліятэка БДТУ і кафедра міжкультурных камунікацый і тэхнічнага перакладу (Кутас А. А.) праводзяць лекцыю-гутраку і акцыю «Чытаем разам» да 225-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча — «Геніяльны беларускі пясняр і класік сусветнай паэзіі». 28 снежня ў 12:00 запрашаем у чытальную залу №2.

Адам Міцкевіч нарадзіўся на хутары Завоссе на Навагрудчыне ў сям’і збяднелага шляхціца, адваката Мікалая Міцкевіча.

Вядомыя людзі ў жыцці Міцкевіча

Жыццёвыя сцежкі Адама Міцкевіча пачаліся на Навагрудчыне, а праляглі затым праз Вільню, Коўна, Пецярбург, Адэсу, Еўпаторыю, Бахчысарай, Маскву, Берлін, Дрэздэн, Рым, Веймар, Лазану, Парыж, Стамбул, вывелі яго на агульнаеўрапейскі ўзровень. Аб гэтым сведчыць і тое, з кім ён сустракаўся, быў у сяброўстве, узаемаадносінах.

Сябрамі Адама Міцкевіча, землякамі з Навагрудчыны, былі беларускі фалькларыст і паэт Ян Чачот і вядомы вучоны-геолаг Ігнацій Дамейка, які стаў ганаровым грамадзянінам Чылі, дзе ў свой час быў рэктарам універсітэта ў сталіцы гэтай краіны.

У Расіі Адам Міцкевіч сябраваў і сустракаўся з дзекабрыстамі Кандраціем Рылеевым і Аляксандрам Бястужавым, аб якіх успамінаў у сваім вершы «Рускім сябрам», пісьменнікамі Аляксандрам Грыбаедавым, Мікалаем Палявым, паэтамі Аляксандрам Вяземскім, Дзмітрыем Веневіцінавым, Яўгеніем Баратынскім і іншымі. У кастрычніку 1826 г. у Маскве адбылася сустрэча двух вялікіх паэтаў – Міцкевіча і Пушкіна.

У 1829 годзе А. Міцкевіч выязджае за мяжу. У Берлінскім універсітэце ён наведвае лекцыі знакамітага філосафа Гегеля. Затым быў госцем на юбілеі вялікага нямецкага паэта І. В. Гётэ, якому на той час споўнілася 80 гадоў, а А. Міцкевічу было 30 гадоў. Гётэ падараваў Міцкевічу пяро для пісьма, якое з подпісам Міцкевіча захоўваецца ў парыжскім музеі, а ў нашым Доме-музеі, як напамін аб гэтым падарунку, ёсць копія гэтага аўтографа Адама Міцкевіча.

Таксама за мяжой сустракаўся з французскімі пісьменнікамі Анорэ дэ Бальзакам, Вікторам Гюго, Жорж Санд, кампазітарам  Фрэдэрыкам Шапэнам.

Нашчадкі паэта

У Парыжы ў ліпені 1834 г. Адам Міцкевіч ажаніўся з Цэлінай Шыманоўскай (дачкой знакамітай піяністкі Марыі Шыманоўскай, музычныя салоны якой наведваў у Расіі).

У сям’і Адама і Цэліны нара­дзілася шасцёра дзяцей. «Яны, як пісаў Адам брату Францішку ў 1847 г., цудоўна падобны з нашай сям’ёй, гэта значыць са мною з вамі, маімі братамі. Марыя характарам і нават тварам нагадвае цябе. Уладзь, другі, увесь пайшоў у мяне, усе гэта ў ім заўважаюць. Хелена, трэцяя, выліты Аляксандр, нават бландзінка, і такая, як ён, круглая, і гаспадарлівая, і акуратная. А самы малодшы нагадвае мне Антося, якога добра не памятаю. І што яшчэ больш дзіўна, чацвёрты па чарзе, Аляксандр, і па характары, і па настроі копія Ежы. Добра было б, каб яны ўсе былі больш шчаслівыя за нас і шлях іх на зямлі быў бы лягчэйшым за наш!».

Старэйшыя дзеці Адама Міцкевіча прыязджалі на Навагрудчыну.

Ён быў пахаваны на парыжскіх могілках у Монмарансі. 04.07.1890 г. астанкi перавезены ў Польшчу і пахаваны ў нішы каралеўскага палаца Вавель у Кракаве.

Читайте также: