Літаратурна-паэтычны конкурс студэнтаў БДТУ
16.05.2018 г. у чытальнай зале бібліятэкі быў праведзены літаратурна-паэтычны конкурс уласных твораў студэнтаў нашага ўніверсітэта.
Такім чынам літаратурны клуб “Ветліца”, якому ў верасні 2017 года споўнілася 20 гадоў, адрадзіў традыцыю “Літаратурныя вечары ў Тэхналагічным”.
Для ўдзелу ў конкурсе запісалася 29 студэнтаў, змог прыйсці і выступіць 21 чалавек. Перамагаючы хваляванне, канкурсанты чыталі свае творы – вершы, эсэ, апавяданні, роздумы, эцюды, пераклады – на рускай, беларускай, французскай і арабскай мовах, паколькі поруч з беларускімі студэнтамі выступалі са сваімі вершамі і навучэнцы Камеруна і Ірака.
Ацэньвала выступоўцаў кампетэнтнае журы ў складзе 10 чалавек. Гэта паэт і перакладчык Абалоніна Галіна Фёдараўна, педагог-арганізатар Святагор Кацярына Аляксандраўна, супрацоўнік бібліятэкі Нетылёва Аэліта Яўгеньеўна і студэнты Фядосенка Інга (2ПіМ-5) – старшыня журы, Дудойць Аліна (ІФІТ-9), Пацепня Вераніка (ІТАР-3), Ворахаў Кірыл (1ТАР-1), Палевіч Вячаслаў (3ТАР-5), Самсановіч Дар’я (2ПіМ-4), Хваленя Святлана (2ПіМ-5).
Акрамя канкурсантаў і журы ў чытальнай зале прысутнічала шмат слухачоў, мабыць, прыхільнікаў прыгожага пісьменства.
Прывітальнае слова канкурсантам сказаў прарэктар па выхаваўчай працы Андрэй Раманавіч Гараноўскі. Праграму вяла кіраўнік літаратурнага клуба “Ветліца” Савіцкая Надзея Яўсееўна, якая ва ўступным слове сказала аб дзейнасці клуба, бліжэйшых конкурсах і мерапрыемствах, мяркуемых выданнях, асноўным з якіх з’яўляецца 9 выпуск літаратурна мастацкага альманаха “AVE”(Адраджэнне. Вера. Еднасць).
Выступленні ўдзельнікаў конкурсу зацікаўлена ўспрымала аўдыторыя, падтрымліваючы іх дружнымі воплескамі.
Пасля заканчэння конкурснай праграмы ў зале прагучала песня “А я еду за туманам” у выкананні дуэта (Жураўлёва Алена – 1ТТЛП, гітара, вакал; і Юнесі Сепехр — слухач падрыхтоўчых курсаў рускай мовы як замежнай з Ірана, вакал). А яшчэ Сепехр акапэльна выканаў песню на фарсі (іранскай мове). Ад цудоўнага голасу і выканання аўдыторыя была ў захапленні, але ўсе чакалі вердыкту журы.
Музыкальная паўза давала магчымасць журы падлічыць балы і вызначыць пераможцаў. Пакуль ішоў падлік балаў, Абалоніна Г.Ф. выступіла з высокай ацэнкай праведзенага мерапрыемства і апошняга 8-га выпуску альманаха“AVE”, які яна перачытала напярэдадні. Былі прачытаны некаторыя фрагменты , якія найбольш уразілі яе. Гэта фрагменты вершаў, выслоўі, фразы, прыпеўкі з рубрыкі “Студэнцкі фальклор”.
Глядацкае журы пад старшынствам дырэктара бібліятэкі Знайдзюк Святланы Баляславаўны вызначыла траіх пераможцаў і ўручыла ім шакалад. Пераможцы глядацкага журы – Уласенка Дзмітрый -1ПіМ-2, Карасёў Барыс – 1ХТТ-8, Станкевіч Ірына – 3ПіМ-7.
Нарэшце пераможцаў вызначыла асноўнае журы. Крытэрыі ацэнкі: змест, форма, выступленне. Шкала адзнак – ад 4 да 10 балаў. Старшыня журы назвала пераможцаў: з 300 магчымых балаў 280 набраў Міцкевіч Арцемій (1ТАР-3) – першае месца; 269 балаў у Тарасенка Дзіяны (2ПіМ-3) – другое месца; і 267 балаў у Карасёва Барыса (1ХТТ-8) – трэцяе месца.
Пераможцам былі ўручаны падарункі – 8 нумар альманаха “AVE” і дзве кнігі “Аўтограф” – гэта зборнік твораў пераможцаў ІІІ Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Аўтограф”, дзе надрукаваны творы 19 студэнтаў БДТУ.
З пажаданнямі выступіла Федасенка Інга, якая прапанавала часцей праводзіць літаратурныя конкурсы і вечарыны, але з меньшай колькасцю канкурсантаў. У заключэнне кіраўнік клуба падзякавала ўсім удзельнікам вечарыны і выказала спадзяванні на далейшую плённую працу.
Кіраўнік літаратурнага клуба “Ветліца” Савіцкая Н.Я.