Запрашаем усіх наведаць фотавыставу «Мінск: хадзі, глядзі, чытай»!

Прысвячаецца Дню горада Мінска.

Мой родны Мінск, пад небам жураўліным
Жыві, квітней пад зоркай залатой
Ты для мяне на ўсёй зямлі — адзіны,
Цябе люблю я ўсёй душой.

П. Панчанка  

Гарады падобныя да людзей: кожны мае свой характар, свой твар, непаўторныя рысы, і, вядома, сваю гісторыю. Сталіца Рэспублікі Беларусь — горад Мінск, утульны і гасцінны, знаходзіцца ў самым сэрцы нашай краіны. Гэта самы вялікі горад Беларусі, дзе мінулае суседнічае з сучаснасцю і заўсёды ёсць месца для новых адкрыццяў. Ці магчыма пазнаёміцца з самымі маляўнічымі часткамі Мінска ўсяго за гадзіну? А за паўгадзіны? Магчыма, калі наведаць выставу «Мінск: хадзі, глядзі, чытай»!

Выстава прысвечана самым яркім славутасцям сталіцы, якія захопліваюць уяўленне турыстаў з усяго свету. Дзякуючы мастацтву фатаграфіі кожны зможа акунуцца ў атмасферу гэтых месцаў, заўважыць тое, на што раней не звяртаў увагу. Хадзі, глядзі, чытай, развівайся, не стой на месцы! Бо пакуль ты стаіш, ты упускаеш моманты і эмоцыі, якія могуць ніколі не паўтарыцца.

Аўтары работ, прадстаўленых на выставе, — вядомыя беларускія фатографы, а таксама фатографы-аматары: Пуцята Наталля, Рабцэвіч Аляксандр, Шыракоў Анатоль, Максімава Вольга, Хрол Паліна, Кішылаў Валерый і іншыя. Некаторыя фатографы ўжо сталі добрымі сябрамі бібліятэкі, яны не першы раз радуюць сваімі працамі гледачоў фотавыставы нашай бібліятэкі: Анатоль Дрыбас, Канстанцін Мельнік і Аляксандр Раковіч. Акрамя таго, на працягу доўгага часу яны актыўна аказваюць дапамогу непасрэдна ў арганізацыі выставы.

Чакаем Вас па адрасе: вул. Свярдлова 13а, бібліятэка Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, чытальная зала, з панядзелка па суботу з 8.00 да 17.00.

Читайте также: